ПРАПІЁНАВАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ (Propionibacterium),

род неспараносных бактэрый. Жывуць у рубцы і кішэчніку жвачных жывёл, у малочных прадуктах (акрамя малака). Непатагенныя.

Нерухомыя грамстаноўчыя палачкі. У маладых культурах — скрыўленыя, злёгку галінастыя палачкі, у больш старых — кокападобнай формы. Утвараюць калоніі жоўтага, аранжавага, чырв. колераў. Растуць у аэробных і анаэробных умовах. Узбуджальнікі прапіёнавакіслага браджэння, зброджваюць глюкозу, лактозу, інш. вугляводы, таксама некат. спірты з утварэннем прапіёнавай і воцатнай к-т і вуглякіслага газу. Закваскі, што маюць П.б., выкарыстоўваюцца ў сыраробстве (малюнак — «вочкі», смак і духмянасць швейц. сыру звязаны пераважна з прапіёнавакіслым браджэннем) і для мікрабіял. сінтэзу вітаміну В12.

А.​І.​Ерашоў.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)